ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910,
антыманархічная рэвалюцыя ў Партугаліі, у выніку якой у краіне ўстаноўлены рэсп. лад. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва антыдэмакр. і рэпрэсіўным курсам каралеўскага ўрада. Пачалася ноччу 4.10.1910 у Лісабоне з паўстання рэспубліканцаў на чале з М. душ Сантушам, якіх падтрымалі армейскія часці сталічнага гарнізона і маракі 2 крэйсераў. 5 кастр. пасля капітуляцыі ўрадавых войск і эміграцыі караля Мануэла II [1908—10] у Вялікабрытанію кіраўнікі паўстання абвясцілі Партугалію рэспублікай. Быў створаны часовы ўрад на чале з Т.Брагам. Часовы ўрад аддзяліў царкву ад дзяржавы, скасаваў дваранскія тытулы, правёў выбары ва Устаноўчы сход, які 21.8.1911 прыняў новую канстытуцыю краіны (набыла сілу 11.9.1911). Яна прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента, які выбіраў прэзідэнта рэспублікі, увядзенне свабоды друку і слова, права рабочых на забастоўкі, скасаванне манаскіх ордэнаў, устанаўленне ў прам-сці 8-гадзіннага рабочага дня і інш.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)